Украінцам удалося крыху палепшыць свае пазіцыі. На іншых напрамках ініцыятыву захоўваюць расіяне. Найбольш складаная сітуацыя ў раёне Пакроўска.
Паводле неафіцыйных звестак, украінцы правялі атаку на расіян на паўднёвым усходзе ад расійскага горада Суджа. Украінскія сілы там прасунуліся прыкладна на 4 кіламетры. Аднак украінскае камандаванне пакуль афіцыйна не заяўляла аб наступе ў Курскай вобласці.
Усяго за апошнія суткі, паводле дадзеных украінскага Генштаба, адбылося 101 баявое сутыкненне з праціўнікам. Найбольш расіяне атакавалі на Данбасе Пакроўскі сектар — 36 разоў.
Ноччу агрэсар накіраваў у бок шэрагу рэгіёнаў Украіны дальнабойныя беспілотнікі «Шахед». Ёсць інфармацыя аб разбурэнні ў тым ліку грамадзянскіх будынкаў у Кіеўскай вобласці. У выніку варожага ўдару пацярпелі Сумская, Кіеўская і Хмяльніцкая вобласці.
Усяго ў ноч на 7 лютага расіяне нанеслі ўдары па Украіне 112 ударнымі беспілотнікамі тыпу «Шахед» і беспілотнікаў-сімулятараў розных тыпаў, паведамілі ў ВПС. Абаронцы ўкраінскага неба працавалі па аб'ектах у Харкаўскай, Палтаўскай, Сумскай, Кіеўскай, Чаркаскай, Чарнігаўскай, Кіраваградскай, Жытомірскай, Хмяльніцкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай і Адэскай абласцях. Украінскі Генштаб паведаміў, што войскамі СПА збіты 81 беспілотнік праціўніка.
ПР/юл